Главная » Статьи » Мои статьи

Напісанае для Нашчадкаў. Серыя "Славутыя ўраджэнцы Любаншчыны"

Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў

 

Анатоль Васільевіч Чабаганаў (псеўданімы – Анатоль Сцяцкевіч-Чабаганаў, Анатоль Сацкевіч-Сцяцкевіч-Чабаганаў, Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, Анатоль Чэбаганаў)

Анатоль Чабаганаў – член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, даследчык беларускай культуры. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2012 г. "За ўклад у вывучэнне і прапаганду духоўнай і культурнай спадчыны, стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг "Я – сын Ваш", прысвечаных дваранскім родам Беларусі". Лаўрэат міжнароднай літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Расіі, Акадэміі навук Расіі і Інстытута сусветнай літаратуры "Залатая восень" імя С. А. Ясеніна" за вернае служэнне рускаму слову (Масква, 2013).

Нарадзіўся 8 лістапада 1946 года ў вёсцы Засмужжа Любанскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў з залатым медалём Любанскую сярэднюю школу. Пераможца і прызёр раённых і абласных матэматычных алімпіяд 1963-1964 гг., узнагароджаны граматай Любанскага раённага аддзела народнай адукацыі Міністэрства асветы БССР.

Скончыў Ленінградскі інстытут дакладнай механікі і оптыкі па спецыяльнасцях «Электронныя вылічальныя машыны», «Сістэмы кіравання балістычнымі ракетамі падводных лодак». Абараніў

з ацэнкай «выдатна» дыпломны праект на тэму «Лічбавая сістэма злічэння бягучых каардынатаў самалёта ў прастакутнай сістэме каардынат» (1971). Старшы лейтэнант – інжынер запасу ваенна-марскога флоту.

Падчас вучобы ў інстытуце абіраўся старшынёй прафкама факультэта, па камсамольскіх пуцёўках працаваў у складзе студэнцкіх будаўнічых атрадаў у Казахстане, Узбекістане, Кіргізіі.

Скончыў курс навучання ва Ўсесаюзнай вышэйшай школы кіравання Аграпрамысловым комплексам у галіне сучасных метадаў эканомікі, планавання і кіравання (г. Масква, 1985), у Школе сусветнай эканомікі і англійскай мовы «Англа-кантыненталь» (г. Боунмоус, Англія, 1990).

Працаваў на абаронным прадпрыемстве ВНПО «КАСКАД» (1971-1974); начальнікам аддзела, старшынёй мясцовага камітэта прафсаюзаў (1976-1977), намеснікам дырэктара, галоўным інжынерам навукова-вытворчага аб'яднання «НІВА» Дзяржаграпрома БССР (1974-1987); намеснікам начальніка ўпраўлення, начальнікам упраўлення інфармацыйна-вылічальнага абслугоўвання, дыспет-чарскай сувязі і каардынацыі рэспубліканскіх мэтавых комплексных праграм Галоўнага ўпраўлення па навуковаму забеспячэнню развіцця аграпрамысловага комплексу Дзяржаграпрома БССР (1987-1988); начальнікам Галоўнага ўпраўлення планавання ўкаранення і прапаганды навукова-тэхнічных дасягненняў і перадавога вопыту, інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі Дзяржаграпрома БССР (1988-1990, пастанова Савета Міністраў БССР ад 07.12.1988 № 353); старшынёй праўлення Беларускай аграпрамысловай біржы (1991-1992).

Адзначаны Ганаровай граматай Кашкадар’інскага абласнога камітэта Ленінскага камуністычнага саюза моладзі (ЛКСМ) Узбекістана «За выдатныя паказчыкі ў перыяд працы студэнцкага будатрада» (1969); Ганаровай граматай ЦК ЛКСМ Кіргізіі «За актыўны ўдзел у працы студэнцкіх будаўнічых атрадаў рэспублікі» (1970); Усесаюзным знакам «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года». Занесены на Дошку Гонару (1973). Прысвоена званне «Ударнік камуністычнай працы» (1974). Адзначаны падзякамі Старшыні Госкомсельгастэхнікі СССР (1983), Старшыні Дзяржаўнага Аграпрамысловага камітэта БССР (1987). Прысвоена званне «Ветэран працы» (2006).

Старшыня назіральнага савета групы кампаній «Стецкевич» (з 1991 года).

Творчую дзейнасць пачаў з 1989 года. У 2011 годзе па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта Анатолем Чабаганавым заснавана серыя кніг па гісторыі старажытных беларускіх родаў, над якой аўтар працаваў больш за дваццаць гадоў. Прасочаны лёс роднага краю за пяць апошніх стагоддзяў, што значна дапаўняе агульную эпічную карціну жыцця грамадства і прыводзіць да больш поўнага разумення гісторыі сваёй Айчыны.

Кніга аўтара «Я – сын Ваш. Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба "Касцеша". Карафа-Корбуты герба "Корчак"" (2011), якая ўбачыла свет у выдавецтвах "Беларуская Праваслаўная Царква" (на рускай мове) і "Роднае слова" (на беларускай мове), адзначана Дыпломам I ступені на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе, як лепшы твор 2011 года "Залаты Купідон" (2012) у намінацыі "Краязнаўчая літаратура", а таксама Дыпломам І ступені ў намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны" на 51-м Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" (2012).

У 2012 г. выдадзены чарговыя тамы кніг Анатоля Чабаганова : "Я – сын Ваш: Некрашэвічы герба "Любіч". Татуры герба "Данброва". Сеўрукі герба "Курч". Кернажыцкія герба "Юноша". Маствіловічы герба "Даленга""; "Я – сын Ваш: Казановичи герба "Гржимала" (на рускай мове), якія атрымалі шматлікія станоўчыя водгукі ў сродках масавай інфармацыі.

У 2013 г. выйшаў у свет чарговы том "Я – сын Ваш: Сыцько герба "Астоя". Ждановічы-Гурыновічы герба "Любіч". Мяшчанскія роды Казанкіны і Чабаганавы. Арцішэўскія герба “Роля”. Забэла герба "Тапор"".

У 2014 г. выдадзены пяты том з серыі "Летапіс беларускай шляхты" "Я – сын Ваш: истории деревни Засмужье Любанского района. Художник Павел Мартинович. Тычины гербов “Тучинский”и “Тражска”. Рудинские герба "Прус ІІІ" (на рускай мове).

Тры кнігі аўтара з серыі "Летапіс беларускай шляхты" адзначаны на VII Міжнародным конкурсе выданняў "Асвета праз кнігу" (Масква) дыпломам "За захаванне духоўнай і культурнай і спадчыны" і спецыяльным прызам з выяваю: "Свяціцель Філарэт, мітрапаліт Маскоўскі" (2012).

Анатоль Чабаганаў – аўтар-укладальнік кнігі пра вядомага на Любаншчыне мастака, прадстаўніка інсітнага мастацтва "Маляваныя сны Паўла Марціновіча" (2012).

Выбраныя раздзелы з кніг Анатоля Чабаганава ўключаны ў вучэбную праграму па беларускай літаратуры (V–IX класы) для агульнаадукацыйных устаноў краіны для пазакласнага вывучэння. У 2014 г. у серыі "Школьная бібліятэка" выйшла кніга аўтара "Лёс роду – лёс Радзімы".

Анатоль Чабаганаў актыўна ўдзельнічае ў многіх асветніцкіх мерапрыемствах – прэзентацыях кніг, выставах, сустрэчах са школьнікамі і студэнтамі, праграмах на радыё і тэлебачанні, выступае з публікацыямі ў друку, акрэсліваючы праблему выхавання ў моладзі любові да Айчыны праз любоў да свайго роду, продкаў, павагі да гістарычнага мінулага сваёй краіны.

У адпаведнасці з планам работы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняў удзел у Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі (Барадзінскае поле, 27 траўня 2012 г.);                 7 міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку – XVIІІ Савелаўскіх чытаннях "Генеалогія і геральдыка" (даклад "Аб серыі кніг па гісторыі старажытных беларускіх родаў", Мінск, 9-10 снежня 2011 г.); XVI Пецярбургскіх генеалагічных чытаннях "Удзельнікі вайны 1812 г. Паходжанне, сям'я, нашчадкі" (даклад "Казановічы герба "Гржымала"", Санкт-Пецярбург, 15-16 чэрвеня 2012 г.); "Айчынная вайна 1812 года ў лёсах народаў Расіі і Беларусі" (даклад "Прадстаўнікі роду Казановічаў – удзельнікі Айчыннай вайны 1812 года", Магілёў, 26 чэрвеня 2012 г.); "Святыя зямлі беларускай: Сафія Слуцкая" (даклад "Прадстаўнікі полацкай галіны кіеўскага баярскага роду Каленікавічей-Мішковічей (1-я палова XVI ст.) і іх ролю ў гісторыі праваслаўнай царквы і беларускай культуры", Жыровічы, 14 верасня 2012 г.); "Хрышчэнне Русі ў лёсах народаў Беларусі, Расіі і Украіны: выбар цывілізацыйнага шляху" (даклад "Прадстаўнікі Полацкай галіны кіеўскага баярскага роду Каленікавічей-Мішковічей (першая палова XVI стагоддзя) і іх ролю ў гісторыі праваслаўнай царквы і беларускай культуры", Мінск, 6-7 чэрвеня 2013 г.).

За актыўную творчую і грамадскую дзейнасць Анатоль Чабаганаў адзначаны:

  • Рускай Праваслаўнай Царквой – ордэнам "Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра III ступені" (2005);
  • Рускай Праваслаўнай Царквой (Беларускі Экзархат) – ордэнамі "Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай" (2013);
  • "Святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай" (2012);
  • "Свяціцеля Кірылы Тураўскага I ступені" (2011);
  • медалём "Свяціцеля Кірылы Тураўскага" (2007);
  • граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (1999; 2000);
  • граматай Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў памяць 400-годдзя спачыну святой праведнай Сафіі Слуцкай (2012);
  • Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскі Патрыярхат) – ордэнам "Пачаеўскай іконы Найсвяцейшай Багародзіцы" (2014);
  • Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі – "Залатым медалём святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія" (2012);
  • медалём мітрапаліта Прынцавых выспах Канстанцінопальскага Патрыярхату (2014);
  • медалём Саюзнай дзяржавы "За супрацоўніцтва" (2009);
  • Акадэміяй расійскай славеснасці – Пушкінскай медалём "Ревнителю просвещения" (2012);
  • Расійскай генеалагічнай федэрацыі – медалямі "За ўклад у развіццё генеалогіі і іншых гістарычных дысцыплін" I і II ступені (2012; 2011);
  • нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2012);
  • нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі "За вялікі ўклад у літаратуру" (2014);
  • дыпломам Саюза пісьменнікаў Беларусі за актыўную літаратурную, краязнаўча-даследчую, духоўна-асветніцкую дзейнасць па прапагандзе гісторыі і культуры беларускага народа і ў сувязі з 25-годдзем творчай дзейнасці;
  • Прысвоена званне «Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі» (2014);
  • дыпломам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь "Мецэнат кнігі" за асабісты ўклад у падтрымку кнігі і чытання (2012);
  • граматай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі "За значны ўклад у даследаванне беларускай генеалогіі і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі" (2012);
  • Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі "За значны ўклад у даследаванне беларускай генеалогіі і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і духоўных каштоўнасцяў Беларусі, падтрымку ў фарміраванні фондаў дзяржаўнай установы" Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі (2012);
  • ганаровай граматай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "За выдатную працу па захаванню духоўных каштоўнасцей і культурнай спадчыны, бясцэнны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы краіны" (2012);
  • Крыжам Грамадскага савета па садзейнічанні Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы да святкавання 200-годдзя перамогі Расіі ў Айчыннай вайне 1812 года «За ўвекавечанне памяці Айчыннай вайны 1812 года» за актыўную дзейнасць па адраджэнні гістарычнай памяці пра ўдзельнікаў Айчыннай вайны 1812 года;
  • Імператарскім ордэнам Святой Ганны другой ступені з Граматай Вялікай княгіні Марыі Уладзіміраўны (Кіраўніка расейскага імператарскага дома Раманавых) (2012);
  • Імператарскім медалём "Юбілей Ўсенароднага Подзвігу" 1613-2013 са Сведчаннем Вялікай княгіні Марыі Уладзіміраўны (Кіраўніка расейскага імператарскага дома Раманавых) з правам нашэння бронзавага медаля "У памяць 400-годдзя Дома Раманавых 1613-2013" № 1, заснаванай "у азнаменаванне 400-годдзя заканчэння Смуты, аднаўлення Расійскай дзяржаўнасці і ўсенароднага паклікання на царства Дома Раманавых у 21 дзень лютага 1613 года" (2013);
  • медалём у памяць асвячэння абраза маці Божай Смаленскай Сабора Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Ізмайлава (2009);
  • медалём у памяць аднаўлення Кранштацкага Марскога сабора ў імя Свяціцеля Мікалая Цудатворца (2014);
  • Падзякай Любанскага раённага выканаўчага камітэта "За захаванне культурнай спадчыны і папулярызацыю роднай мовы і літаратуры ў межах Года кнігі" (2012);
  • Граматай аддзела культуры Валожынскага райвыканкама "За спонсарскі ўдзел у аднаўленні праваслаўнага храма (вёска Вішнёва) і стварэнні мемарыяльнай дошкі ў гонар Якуба Коласа (вёска Палачанка Ракаўскага сельсавета)" (2013).

На дабрачыннай аснове аказвае дапамогу ў фарміраванні фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, праз якую кнігі Анатоля Чабаганава распаўсюджваюцца ў бібліятэкі краіны і замежных дзяржаў.

Анатоль Чабаганаў аказвае дабрачынную дапамогу дзіцячым дамам; з'яўляецца ініцыятарам помнікаў святой вернай Сафіі, княгіні Слуцкай у          г. Слуцку (2000) і ў г. Мінску (2012). Прымаў удзел у аднаўленні храмаў Космы і Даміяна ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна, Узнясення Гасподняга ў в. Сёмкава, Раства Багародзіцы ў в. Сёмкаў Гарадок Мінскага раёна.

Творчая і грамадская дзейнасць Анатоля Чабаганава садзейнічае захаванню славянскіх традыцый, духоўных каштоўнасцяў і культурнай спадчыны, выхаванню ў маладога пакалення любові да Айчыны.

 

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу   Святлана Баброўнік

 

Категория: Мои статьи | Добавил: vavan (02.11.2016)
Просмотров: 203 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: